СУРМЫ́ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць сурма. Выкарыстоўваюць пераважна сурмы аксіды, галагеніды і сульфіды, а таксама антыманіды.

Антыманіды (стыбніды) — злучэнні сурмы з металамі (гл. Металіды). Выкарыстоўваюць антыманіды алюмінію AlSb, галію GaSb і індыю InSb у паўправадніковай тэхніцы. Сурмы аксіды — злучэнні сурмы з кіслародам — Sb2O3 (сэсквіаксід) і Sb2O5. Крышт. рэчывы, нерастваральныя ў вадзе. Sb,O3 — бясколерныя крышталі, tпл 656 °C. Выкарыстоўваюць для атрымання сурмы высокай чысціні, як кампанент аптычнага шкла і эмалей, напаўняльнік тэрмаўстойлівых пластмас, пігмент (сурмяныя бялілы), антыпірэн для тканін. Sb2O5 — светла-жоўтыя крышталі, пры 0350 °C раскладаюцца. Выкарыстоўваюць у тэкст. і гумавай прам-сці, у вытв-сці спец. шкла, керамікі, фарбаў і лакаў, для атрымання антыманатаў солей сурмянай к-ты H[Sb(OH)6] (існуе толькі ў растворы). Сурмы галагеніды — злучэнні сурмы з галагенамі. трыгалагеніды SbHal3 і пентагалагеніды фтору SbF5 і хлору SbCl5. Найб. практычнае значэнне мае трыхларыд SbCI3 — бясколернае крышт. рэчыва, tпл 73,4 °C, раствараецца ў вадзе з раскладаннем. Атрымліваюць узаемадзеяннем Sb2O3 з канцэнтраванай салянай к-той. Выкарыстоўваюць як каталізатар у арган. сінтэзе, пратраву пры фарбаванні тканін, вадкі як няводны растваральнік. Сурмы сульфіды — злучэнні сурмы з серай — Sb2S3 (сэсквісульфід) і Sb2S5. Цвёрдыя, нерастваральныя ў вадзе, пірафорныя рэчывы. Sb2S3 існуе ў 2 мадыфікацыях — крышт. (шэрыя крышталі, tпл 559,5 °C; у прыродзе — мінерал антыманіт) і аморфнай (аранжавага колеру). Sb2S5 — аранжава-чырв. аморфнае рэчыва, у вакууме пры t>120 °C раскладаецца на Sb2S3 і серу. Выкарыстоўваюць як кампаненты піратэхн. саставаў, Sb2S3 як кампанент галовак запалак і рубінавага шкла, паўправадніковы матэрыял у фотарэзістарах і электронна-прамянёвых прыладах. С.з. атрутныя, асабліва хларыды і фтарыды (ГДК 0,3 мг/м³) і сурмы гідрыд SbH3 (сурмяністы вадарод, стыбін — бясколерны газ з непрыемным пахам; ГДК 0,5 мг/м³).

т. 15, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)